Праграма мерапрыемстваў да Дня музеяў-2020 у Полацку

Штогод 18 мая ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У гэтым годзе Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік прапануе сустрэцца ў віртуальнай прасторы, дзе атмасферу свята ствараюць падрыхтаваныя спецыяльна для вас майстар-класы, прэзентацыі, інтэрв'ю і г.д. Далучайцеся да мерапрыемства “Дзень музеяў-2020 у Полацку”, якое пачнецца 16 мая а 12-й гадзіне, праз суполкі музеяў запаведніка ў сацыяльных сетках Вконтакте і Facebook, а таксама на афіцыйным сайце музея-запаведніка. Трансляцыя на галоўнай старонцы сайта, а таксама на афіцыйных старонках мерапрыемства ў сацыяльных сетках пачнецца 16 мая ў 12.00.

Мерапрыемства распачне відэапаштоўка «Прывітанне з Полацка», якая пакажа горад з яго помнікамі ад усхода да захода сонца з вышыні вежаў Сафійскага сабора. Праграму працягнуць віртуальныя праекты, падрыхтаваныя музеямі запаведніка. Па традыцыі завершыць святкаванне музычны падарунак ад канцэртнай залы Сафійскага сабора.


«НЕфарматнае інтэрв’ю: 10 папулярных пытанняў музейшчыку»

Музей беларускага кнігадрукавання 

Нягледзячы на ўзрослую апошнім часам папулярнасць музеяў, сёння мала хто з іх наведвальнікаў уяўляе, чым займаецца звычайны супрацоўнік музея, акрамя экскурсій. І гэта самы распаўсюджаны стэрэатып пра, бадай, самую публічную ўстанову. Мы сабралі ўсе папулярныя стэрэатыпы і пытанні і задалі іх супрацоўніку Музея беларускага кнігадрукавання. 


Стварэнне рэплікі ўнікальнага экспаната ў арт-студыі «Калекцыйныя скарбы» online

Мастацкая галерэя 

Напэўна, кожнаму неабыякаваму да мастацтва чалавеку хочацца ў сваім доме мець частку таго, што нагадвала б яму пра выдатныя творы мастацтва, якія ён бачыў у музеях. З арт-майстэрняй «Калекцыйныя скарбы» гэта магчыма! На нашым майстар-класе ў рэжыме online вы пабачыце, як сваімі рукамі пры дапамозе простых матэрыялаў можна стварыць рэпліку – дакладную копію прадмета, які займае важнае месца ў экспазіцыі Мастацкай галерэі, а менавіта – абразка «Святыя Канстанцін і Алена» XII ст. 


Відэапрэзентацыя праекта «Гравёрная майстэрня запрашае»

Мастацкая галерэя 

Чалавек імкнецца да творчасці з самага дзяцінства, творчасць дапамагае нам раскрываць свае таленты і адчуваць сябе ўсебакова развітай асобай. Таму для вас у Мастацкай галерэі працуе гравёрная майстэрня, наведваючы якую, вы маеце магчымасць пазнаёміцца з захапляльным светам графічнага мастацтва, навучыцца працаваць у тэхніцы лінагравюры і, карыстаючыся інструментамі мастака-гравёра, сваімі рукамі стварыць мастацкі твор. Гравёрная майстэрня запрашае!


Відэаролік «Нараджэнне выставы. Традыцыйная гліняная цацка Кацярыны Зяленскай»

Дзіцячы музей

«Гісторыя вытворчасці вырабаў з гліны адводзіць нас у старажытныя часы...»,— так мог бы пачынацца наш аповед пра гліняныя цацкі і пра сучасных майстроў ганчарнага мастацтва. Але сёння мы пакажам вам, як у руках майстра бясформенны кавалачак гліны ператвараецца ў цацку-свістульку, коніка, з вытачыным выгібам шыі, або свавольнага баранчыка, а потым зазірнем у музейныя закуліссі і ўбачым, як майстар стварае выставу для вас, нашы дапытлівыя наведвальнікі! 


Віртуальная прэзентацыя выставы «Мая сям’я – маё багацце!»

Краязнаўчы музей

Сярод фотаздымкаў асобнае месца займаюць тыя, на якіх сфатаграфаваны дзеці з бацькамі, сваякі аднаго сямейства, блізкія і родныя адно аднаму людзі. Такія фотаздымкі – паказчык часу, чалавечых узаемаадносін, незалежна ад месца фатаграфавання. Віртуальная выстаўка «Мая сям’я – маё багацце!» – яскравы таму доказ! 


Відэаролік «Традыцыйная драўляная цацка Паазер’я» 

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я 

Цацкі – нашы самыя верныя сябры з ранніх гадоў. Калі ў дзіцяці няма жаданай цацкі – гэта мара, калі цацка з’явілася – гэта сябар, у сталым жа ўзросце цацка для нас – адзін з самых цёплых успамінаў дзяцінства. Хай так будзе заўсёды, каб гэтая чароўная повязь не перапынілася. Дзякуючы міжнароднаму музейнаму праекту ENI-LLB-1-216 «Новае жыццё старых рамёстваў», калекцыя прадметаў побыту Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка папоўнілася традыцыйнымі драўлянымі цацкамі майстроў нашага рэгіёна. 


Майстар-клас па вырабе саламянага павука «Павучок ідзе – шчасце вядзе»

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я 

Пляценне з саломкі – адзін з відаў народнага рамяства, з якім традыцыйна асацыююць Беларусь. Старадаўняе рамяство ўвайшло ў побыт беларусаў шмат стагоддзяў таму. Для пляцення выкарыстоўвалі пераважна жытнюю саломку, бо сярод злакавых раслін сцябло жыта больш доўгае і трывалае за астатнія. Самымі загадкавымі вырабамі з саломы былі падвесныя саламяныя канструкцыі – так званыя «павукі». Нашы продкі ўкладвалі сакральны сэнс у саламяныя «крышталі», бачылі ў іх сонца, неба, зямлю і ўсе чатыры бакі свету, а таксама сваё месца ў прасторы. Цікава, што ў нас, беларусаў, гэта яшчэ і элемент вясельнага абраду, і сямейны абярэг. Сёння Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я прадстаўляе вашай увазе майстар-клас «Павучок ідзе – шчасце вядзе». Паліна Шкляр – старшы навуковы супрацоўнік – пакажа, як нараджаецца самая простая падвеска. У гэтым відэа, зрэшты, усё зразумела і без слоў. 


Бёрдвочынг «У полацкім парку»

Прыродна-экалагічны музей 

Назіранне за птушкамі – гэта папулярнае ва ўсім свеце хобі, якое дазваляе лепш спазнаць акаляючую нас прыроду. Вядомы полацкі фатограф, арнітолаг і шматгадовы сябар Прыродна-экалагічнага музея Аляксандр Эрдман правядзе рэпартаж з вясенняга полацкага парка, прысвечаны цікавым фактам з жыцця птушак. 


Майстар-клас па вырабе карціны «Лясны артыст» у тэхніцы кінусайга

Прыродна-экалагічны музей 

Кінусайга – гэта японская тэхніка стварэння мастацкіх вырабаў, сутнасць якой заключаецца ў састаўленні выявы з кавалкаў тканіны (на ўзор мазаікі). Гэтую тэхніку таксама называюць «пэчворк без іголкі». Мінскі мастак Сяргей Чаеўскі правядзе майстар-клас па вырабе карціны ў тэхніцы кінусайга, на якой будзе выяўлена птушка 2020 года Беларусі – глушэц. 


Канцэртная праграма «А музыка чароўная гучыць...» 

Канцэртная зала Сафійскага сабора 

Удзельнікі: Юлія САДЫКАВА — арган, Ксенія ПАГАРЭЛАЯ — арган, Камерны аркестр «ЕВРОПА-ЦЕНТР», дырыжор — Раіль САДЫКАЎ. У праграме: П'ер Дзю Маж (1674–1751) Сюіта I-га тона – Grand Jeu – Plein Jeu, Георг Фрыдрых Гендэль (1685–1759) Канцэрт для аргана і камернага аркестра № 9, Іаган Себасцьян Бах (1685–1750) Таката і фуга d-moll, Іаган Себасцьян Бах Харал «Allein Gott in der Höh' sei Ehr'» A-dur, BWV 662, Людвіг ван Бетховен (1770–1827) Adagio, Wo 33/1, Сяргей Рахманінаў (1873–1943) «Руская песня», Франц Лахнэр (1803–1890) Інтрадукцыя і фуга d-moll, op. 62, Георг Фрыдрых Гендэль Канцэрт для аргана і камернага аркестра №13, Іаган Себасцьян Бах Арыя D-dur

835