Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора

Музей мае назву «Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора», з’яўляецца філіялам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, які падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню культуры Віцебскага аблвыканкама. Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора быў адчынены ў 1987 г. Работы па стварэнню музея ў комплексе з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры сяр. XI — сяр. XVIII стст. былі распачаты ў канцы 1960-х гадоў. Значных даследаванняў і рэстаўрацыйных работ да 1969 г. у Сафійскім саборы не праводзілася. З прыняццем шэрагу дакументаў па ахове помнікаў і стварэнню археалагічных запаведнікаў у Беларусі ў 1969 г. пачаліся даследванні і рэстаўрацыя помніка, якая ўвянчалася адкрыццём у Сафійскім саборы ў 1983 г. канцэртнай залы камернай, а ў 1985 г. — арганнай музыкі, а таксама, праз два гады, Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. Гэта быў першы сур’ёзны вопыт музеефікацыі асобна ўзятага помніка ў тым сэнсе, як мы сёння разумеем гэты спецыфічны напрамак у музейнай дзейнасці.