Канцэртная зала

Дзякуючы ўнікальнай акустыцы ў 1983 годзе ў Сафійскім саборы была адкрыта канцэртная зала. За гэтыя гады яна набыла славу адной з лепшых канцэртных залаў у Еўропе і стала шырока вядомая за межамі не толькі Полацка, але і Беларусі.

У 1985 годзе ў саборы ўпершыню загучала арганная музыка. Спецыяльна для залы Сафійскага сабора чэшская фірма «Riеger Kloss» спраектавала і ўсталявала арган, які безумоўна прызнаны музычнай грамадскасцю лепшым канцэртным інструментам у Беларусі.

Сусветнае прызнанне канцэртная зала Сафійскага сабора атрымала дзякуючы штогадовым міжнародным музычным праектам: у сакавіку-красавіку тут праводзіцца Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, у лістападзе - Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».

Адна з лепшых канцэртных залаў Еўропы, размешчаная ва ўнікальным помніку архітэктуры, з'яўляецца вельмі значным і прыцягальным культурным аб'ектам як для палачан і шматлікіх гасцей горада, так і для выканаўцаў з розных краін свету, якія імкнуцца выступіць у Сафійскім саборы, па заслугах ацэньваючы атмасферу, любоў, якая пануе ў зале, і яе непаўторную акустыку.