Арган Сафійскага сабора

У 1985 годзе спецыяльна для канцэртнай залы Сафійскага сабора ў Полацку спецыялісты чэшскай фірмы «Riеger Kloss» спраектавалі і ўсталявалі арган, які сёння безумоўна прызнаны музычнай грамадскасцю лепшым канцэртным інструментам у Беларусі. Ён мае 3905 труб, выкананых з розных парод дрэва і металічных сплаваў, 48 рэгістраў, 3 мануалы (ручныя клавіятуры) і сістэму нажных педаляў.

Першым выканаўцам на полацкім аргане быў выбітны арганіст, народны артыст Расіі Алег Янчанка.
З 1988 года арганісткай Сафійскага сабора з'яўляецца заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая. Традыцыйна кожную нядзелю ў канцэтнай зале ў яе выкананні гучыць арганная музыка.

Полацкі арган скарыў музыкантаў і слухачоў сваім незвычайным голасам, прыгажосць і глыбіню якога падкрэслівае ўнікальная акустыка Сафійскага сабора. Такім чынам, шматлікія турысты і госці горада атрымліваюць цудоўную магчымасць убачыць Полацк праз прызму музычнага мастацтва.

Ідэя правядзення ў Полацку першага ў Беларусі арганнага фестывалю належыць Ксеніі Пагарэлай. Галоўная мэта фестывалю — папулярызацыя выканальніцкага арганнага майстэрства, знаёмства з класічнай спадчынай кампазітараў арганнай музыкі мінулых стагоддзяў і сучаснасці, з арганнай культурай розных краін, а таксама развіццё міжнародных творчых сувязяў. I Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» адкрыў 15 лістапада 1996 года выдатны аўстрыйскі арганіст, прафесар Іаган Трумэр.

За шматгадовую гісторыю праекта яго ўдзельнікамі сталі майстры арганнага мастацтва з 23 краін свету. Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» ўпісаны ў штогадовы каляндар культурных падзей Беларусі як адзін з самых яркіх музычных праектаў, дзякуючы якому Полацк становіцца цэнтрам сусветнага арганнага выканальніцтва. ПАДРАБЯЗНЕЙ