Салістка канцэртнай залы Пагарэлая Ксенія Максімаўна

Ксенія Максімаўна Пагарэлая скончыла Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага па класе фартэпіяна (праф. М. А. Фёдарава) і аргана (праф. Л. І. Ройзман). З 1988 года – арганістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Лаўрэат міжнароднага фестывалю-конкурсу духоўнай музыкі «Магутны Божа» (г. Магілёў, Беларусь) К. Пагарэлая з'яўляецца адным з яркіх прадстаўнікоў беларускай арганнай і фартэпіяннай школы. Удзельнічала ў майстар-класах вядомых арганістаў: Э. Камеке, Х. Зерара (Германія), Э. Коймана (Галандыя), І. Трумэра (Аўстрыя), Ю. Гембальскага (Польшча). У яе рэпертуары – творы зарубежнай класікі, беларуская спадчына і сучасныя творы беларускіх кампазітараў.

К. Пагарэлая вядзе актыўную асветніцкую і канцэртную дзейнасць у Беларусі і за мяжой: дае амаль 200 канцэртаў у год у канцэртнай зале Сафійскага сабора, з'яўляецца удзельнікам праекту «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва» Белдзяржфілармоніі, арганных фестываляў у Заходняй Еўропе (Германія, Аўстрыя, Швейцарыя, Польшча, Данія, Францыя, Украіна, Расія і інш.).

Неаднаразова Ксенія Пагарэлая прымала ўдзел у значных міжнародных праектах: выкананне Канцэрта для аргана з аркестрам Ф. Пуленка з Беларускім дзяржаўным сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Мікаэля Кусто (Францыя), праект «Orgel Momente» пры садзейнічанні Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі, у рамках культурных абменаў паміж гарадамі-пабрацімамі канцэрты ў г. Фрыдрыхсхафэн (Германія), святкаванне «Дзён Францыска Скарыны ў Празе» (Прага, 2012; Брно, 2014), мерапрыемствы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання (Вільнюс, Літва, 2017); канцэрт «Беларуская духоўная музыка XVII-XVIII ст.ст.» (Нордвальд, Германія); дабрачынныя канцэрты сумесна з арганізацыяй «Дзецям Чарнобыля» (Германія) і інш.

К. М. Пагарэлая – першы беларускі выканаўца ў знакамітай зале Notre Dame de Paris (2015).

Па ініцыятыве і непасрэдным удзеле Ксеніі Пагарэлай у канцэртнай зале Сафійскага сабора з 1996 года праходзіць Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі», а з 2015 года ў рамках Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі – адкрыты абласны дзіцячы фартэпіянны конкурс «І.С. Бах і ХХІ стагоддзе».

Арганістка мае фондавыя запісы на беларускім радыё і тэлебачанні. Ёю запісаныя тры кампакт-дыскі, у праграме якіх як арганная класіка, так і сучасная беларуская арганная музыка.

Ксенія Максімаўна з поспехам займаецца педагагічнай дзейнасцю: з 1991 года працуе ў Полацкай дзіцячай школе мастацтваў, ў 2004-2011 гг. выкладала фартэпіяна і арган у Віцебскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

За высокі прафесійны ўзровень у канцэртнай і педагагічнай дзейнасці Ксенія Пагарэлая ўзнагароджана граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога ўпраўлення культуры, Полацкага гарадскога выканаўчага камітэта, Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў. Ёй прысвоена ганаровае званне «Жанчына года Полацка» (1999 г.), «Жанчына года Віцебшчыны» (2003 г.), прысуджана прэмія імя Героя Савецкага Саюза З. Тусналобавай-Марчанка ( 2007 г.), узнагароджана медалём Францыска Скарыны. Ганаровы грамадзянін горада Полацка (2009 г.).

У 2019 годзе Ксеніі Пагарэлай прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».