Канцэртная зала Сафійскага сабора

У 1983 годзе ў Сафійскім саборы дзякуючы ўнікальнай акустыцы была адкрыта канцэртная зала камернай музыкі. Гэта стала значнай падзеяй у музычнай гісторыі не толькі горада Полацка, але і сучаснай Беларусі. Першы канцэрт адбыўся 19 лютага – ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле» з вялікім поспехам выканаў творы з «Полацкага сшытка» (XVI ст.).

У 1985 годзе ў саборы загучала арганная музыка. Спецыяльна для залы Сафійскага сабора ў Полацку чэшскай фірмай «Riеger Kloss» быў спраектаваны і ўсталяваны арган, які сёння безумоўна прызнаны музычнай грамадскасцю лепшым канцэртным інструментам у Беларусі. Першым выканаўцам на полацкім аргане быў выдатны арганіст, народны артыст Расіі Алег Янчанка.

Канцэртнае жыццё ў Сафійскім саборы заўсёды насычана яркімі і знакавымі падзеямі. З 1988 года ў сакавіку–красавіку тут праводзіцца Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, а з 1996 года ў лістападзе – Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».

У канцэртнай зале выступалі музыканты з больш чым 25 краін свету: знакамітыя спевакі Ірына Архіпава, Уладзіслаў П’яўко, Аляксандр Вядзернікаў, Марыя Біешу, Барыс Штокалаў, Ліна Мкртчан, Карына і Рузана Лісіцыян, Артур Эйзен, Алег Пагудзін, Любоў Казарноўская, Раберціна Ларэці; харавыя і аркестровыя калектывы пад кіраўніцтвам Генадзя Раждзественскага, Валерыя Палянскага, Уладзіміра Мініна, Саўлюса Сандэцкіса, Святланы Бязроднай, Уладзіміра Співакова, Аляксандра Анісімава; камерныя калектывы (вакальнае трыа «Рэлікт», Дзяржаўны струнны квартэт імя М. І. Глінкі, «Грузінскія галасы», «Акадэмія старадаўняй музыкі»); вядучыя беларускія калектывы (Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны аркестр, сімфанічны аркестр і хор Беларускай Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Дзяржаўная харавая капэла імя Р. Шырмы, музычная капэла «Санорус», вакальны ансамбль «Чысты голас»), салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і многія іншыя выдатныя выканаўцы.

Штогод у Сафійскім саборы праходзіць больш за 200 канцэртаў арганнай і камернай музыкі. Больш за 30 гадоў салісткай канцэртнай залы з’яўляецца заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь арганістка Ксенія Пагарэлая.

Летапіс канцэртнай залы Сафійскага сабора працягваецца. Сусветна вядомыя музыканты, захапляючыся прыгажосцю і веліччу старажытнага храма Беларусі і ўнікальнай акустыкай канцэртнай залы, лічаць за гонар выступаць на знакамітай полацкай сцэне, якая ўжо даўно стала часткай сусветнай музычнай прасторы.