«Ляцеў з аблокамі я побач»

З гісторыяй Сафійскага сабора неразрыўна звязана імя Валерыя Рыгоравіча Слюнчанкі – знакамітага беларускага архітэктара-рэстаўратара. Менавіта ён з’яўляецца аўтарам праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры ў Полацку: Сафійскага сабора, Богаяўленскай царквы, Крыжаўзвіжанскай і Еўфрасіннеўскай (цёплай) цэркваў Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Нарадзіўся Валерый Рыгоравіч 25 жніўня 1945 г. у горадзе Старадуб Бранскай вобласці. У хуткім часе сям’я пераехала на радзіму маці ў Плешчаніцы (Лагойскі раён Мінскай вобласці), дзе і прайшло дзяцінства будучага архітэктара. Мастацкіх школ у Плешчаніцах не было, таму Валерый вучыўся маляваць самастойна, вывучаў пэўную літаратуру. І ў 1964 г. паступіў на архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Вялікі ўплыў на фарміраванне творчай асобы будучага архітэктара аказаў выкладчык Алег Хадыка, беларускі мастацтвазнаўца і рэстаўратар. У 1968 г. на рэспубліканскім семінары маладых работнікаў мастацтва былі паказаны два студэнцкія праекты Валерыя Слюнчанкі – “Павуцінне” і “Эскімос”. Іх высока ацаніў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Праз некаторы час менавіта ён падтрымаў маладога студэнта, які, пакутуючы ад казённай факультэцкай атмасферы, вырашыў кінуць інстытут. Уладзімір Сямёнавіч напісаў яму ліст, які і змяніў намер студэнта. У 1971 г. Валерый абараніў дыплом і стаў працаваць архітэктарам у Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрнях Міністэрства культуры БССР. На Усесаюзным аглядзе дыпломных работ выпускнікоў архітэктурных ВНУ у 1972 г. праект Слюнчанкі быў узнагароджаны дыпломам 1-й ступені Саюза архітэктараў СССР.

У 1974 г. Валерый узначаліў архітэктурна-рэстаўрацыйны аддзел Навукова-даследчага праектнага бюро вытворчага аб’яднання «Белрэстаўрацыя». Пасля знаёмства з Сафійскім саборам у Полацку горад стаў яму амаль родным. У сваім нарысе «Архітэктурныя помнікі Полацка» Валерый Слюнчанка пісаў: «Кожны крок па вуліцах Полацка – гэта крок у яго гісторыю». Ён лічыў, што ўсе шляхі ў горадзе вядуць да Сафіі.

Валерый Рыгоравіч з’яўляецца аўтарам праекта рэстаўрацыі Сафійскага сабора і навуковым кіраўніком яго рэалізацыі (1969–1983). Гэта была грандыёзная праца, якая патрабавала канцэнтрацыі прафесійных і чалавечых якасцей. Акрамя спецыялістаў, у рабоце прымалі ўдзел і полацкія аматары гісторыі, якія ладзілі суботнікі ў мурах Сафіі. Сярод іх быў наш знакаміты зямляк, сябра В. Слюнчанкі, Уладзімір Арлоў. Ён успамінае, што пасля працы Валерый чытаў ім лекцыі пра беларускі рэнесанс і барока, дэкламаваў вершы Буніна і іншых класікаў. Ён не проста захапляўся паэзіяй, а сам пісаў вершы. У мясцовай газеце «Хімік» быў надрукаваны верш «Даруй мне, мама». Таксама быў выдадзены прыжыццёвы зборнік паэзіі. Акрамя таго, малады архітэктар займаўся жывапісам, графікай, фатаграфіяй, самастойна вывучаў польскую, англійскую, літоўскую мовы і іўрыт, захапляўся беларускай і яўрэйскай народнай творчасцю – калекцыя яго выцінанак захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Валерый Слюнчанка любіў музыку, ён добра спяваў народныя песні і гарадскія рамансы на шасці мовах.

Сярод рэстаўратараў на ганку Сафіі (злева направа - В. Павідайла, У. Лісоўскі, В. Слюнчанка, М. Малышаў

Малады архітэктар гуртаваў вакол сябе таленавітых людзей, якія распрацавалі і рэалізавалі шмат цікавых праектаў. Валерый Рыгоравіч займаўся папулярызацыяй культурнай спадчыны, выступаў з публічнымі лекцыямі, друкаваўся ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, прымаў ўдзел у дзейнасці Таварыства аховы помнікаў. У 1980-я гг. ён выдаў некалькі гісторыка-архітэктурных нарысаў, прысвечаных помнікам беларускай архітэктуры.

У 1979 г. Валерый Слюнчанка быў прыняты ў Саюз архітэктараў СССР. За праект рэстаўрацыі полацкага Сафійскага сабора і навуковае кіраўніцтва рэалізацыяй праекта ў 1989 г. стаў лаўрэатам прэміі Беларускага савета прафсаюзаў у галіне архітэктуры.

В. Слюнчанка з`яўляецца аўтарам праектаў рэстаўрацыі Каложскай царквы ў Гродна, кармеліцкага касцёла ў Мсціславе, сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, яму належыць і аўтарства будынка хрысцільні на Вайсковых могілках у Мінску, праекты прыдарожных знакаў у купалаўскай Вязынцы і коласаўскай Міхайлаўшчыне.

Валерый Рыгоравіч меў хворае сэрца, у канцы 1980-х гг. стан здароўя пагоршыўся. Яго не стала ў чэрвені 1992 г. Пахаваны на вясковых могілках пад Плешчаніцамі.

За сваё непрацяглае жыццё слынны архітэктар-рэстаўратар паспеў шмат зрабіць, ён пакінуў нам, нашчадкам, падмурак, на якім адраджалася наша гістарычная памяць, мацнела пачуццё патрыятызму.

У 2000 г. у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку была арганізавана выстава «Несказанное счастье жить...», прысвечаная жыццю і творчасці Валерыя Слюнчанкі. На Радзіме, у Плешчаніцах, у 2008 г. адбылася сустрэча-ўспамін «Валерый Слюнчанка – рэстаўратар з Плешчаніц». А ў 2015 г. сваякі, сябры і калегі выпусцілі кнігу твораў знакамітага беларускага архітэктара «Ляцеў з аблокамі я побач». Адзін з укладальнікаў і аўтар прадмовы да кнігі Вадзім Гліннік сказаў пра В. Слюнчанку: «Ягонае сэрца ў Полацкай Сафіі, бо Валер паклаў шмат энергіі, каб аднавіць гэтую пярліну нацыянальнай архітэктуры».

Сёння ўсіх наведвальнікаў у Сафійскім саборы сустракае пранікнёны позірк Валерыя Слюнчанкі...

558