Культавая драўляная скульптура XVIII–XIX стагоддзяў

Драўляная скульптура з’яўляецца адным з самых старажытных, традыцыйных і распаўсюджаных у мінулым відаў народнага мастацтва Беларусі. Яе гісторыя бярэ пачатак з часоў паганства. Першабытны чалавек маляваў жывёл і птушак, на якіх паляваў, ствараў нескладаныя скульптуры паганскіх багоў, ідалаў. З развіццём і ўдасканаленнем паганскіх культаў удасканальвалася і мастацтва вырабу культавай скульптуры.

Распаўсюджанне хрысціянства і забарона праваслаўнай царквы на аб’ёмныя выявы Бога на пэўны час спынілі працэс стварэння культавых скульптур.

Значны ўплыў на развіццё скульптуры на беларускіх землях на працягу ХV–XVШ стст. зрабіла заходнееўрапейскае мастацтва. Культавая драўляная скульптура атрымала сваё развіццё пад уплывам каталіцызму ў сувязі з інтэнсіўным будаўніцтвам каталіцкіх, а потым і ўніяцкіх храмаў.

У XVII–XVIII стст. на беларускіх землях асноўным кірункам мастацкай культуры стала барока. Барочная скульптура Беларусі XVIII ст. вельмі разнастайная. Заходнееўрапейскія мастацкія традыцыі захаваліся, аднак з першай паловы XVIII ст. пачынае пераважаць мясцовая школа, вызначальнымі рысамі якой з’яўляюцца: цікавасць да ўнутранага свету чалавека, імкненне да абагульненых формаў, лаканізму, выкарыстанне раслінных і нават арыентальных матываў. Матэрыялам для скульптуры ў гэты перыяд было выключна дрэва.

У перыяд позняга барока (30–80 гг. XVIII ст.) для перадачы сродкамі жывапісу святла і ценю на паверхні скульптуры выкарыстоўвалі паліхромны роспіс (часта ў спалучэнні з пазалотай), які надаваў скульптуры большую выразнасць і захоўваў яе ад разбуральных знешніх фактараў. З сярэдзіны XVIII ст. у мастацтве стаў заўважным уплыў ракако, якое на беларускіх землях цесна пераплятаецца з барока. Характэрнай рысай барока гэтага часу з’яўляецца павышаная жывапіснасць, што праяўляецца ў дынаміцы, асіметрыі; складкі адзення фігур становяцца больш глыбокімі, раздвоенымі.

Станковая скульптура была цесна звязана з архітэктурай, інтэр’ерамі культавых збудаванняў, для якіх яна прызначалася.

У інтэр’еры Сафійскага сабора, адроджанага ўніятамі ў сярэдзіне XVIII ст., таксама былі драўляныя скульптуры святых. Яны размяшчаліся як у галоўным, так і ў бакавых алтарах. На жаль, арыгінальныя скульптуры сабора не захаваліся. У наш час у экспазіцыі музея прадстаўлена калекцыя драўлянай культавай скульптуры з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.


АПОСТАЛ ПЁТР. Сярэдзіна XVIII ст.

Дрэва (ліпа), ляўкас, палімент. Разьба, залачэнне.

Апостал Пётр у хрысціянстве — адзін з дванаццаці апосталаў, вучняў Ісуса Хрыста, уладальнік ключоў ад райскай брамы. Пётр заснаваў у Рыме першую хрысціянскую суполку. Каталіцкая царква лічыць Пятра першым біскупам рымскіх хрысціян. Паводле падання, падчас пераследу імператара Нерона на хрысціян апостал Пётр быў укрыжаваны ўніз галавой каля 67 г. Кананізаваны і ў каталіцкай, і ў праваслаўнай царкве.

У хрысціянскай іканаграфіі, як ва ўсходняй, так і ў заходняй, апостал Пётр паказваецца ў вобразе сівога старога з кучаравымі валасамі і барадой, з ключамі ў руцэ (дэталі скульптуры страчаны).


ЯН НЕПАМУК. XVIII ст.

Дрэва (сасна), фарба. Разьба.

Ян Непамук — чэшскі святы, апякун спавядальнікаў, несправядліва абвінавачаных і асуджаных, млынароў, лодачнікаў, рыбакоў, маракоў, закаханых, а таксама горада Прагі і ўсёй Чэхіі.

Нарадзіўся каля 1350 г. у чэшскім горадзе Непамуках. У 1387 г. атрымаў ступень доктара юрыспрудэнцыі ў Падуанскім універсітэце. У 1389 г. быў прызначаны генеральным вікарыем пражскага архібіскупства. Абараняў правы царквы перад каралём Вацлавам IV, за што ў 1393 г. быў патоплены ў рацэ Влтаве.

У XV ст. з’явілася легенда, што Ян быў закатаваны таму, што адмовіўся раскрыць каралю таямніцу споведзі каралевы.

Ян Непамук быў кананізаваны папам Бенедыктам XIII у 1729 г.

Дзень яго памяці ў каталіцкай царкве — 16 траўня.


СВЯТАР вышэйшага духоўнага сану каталіцкай царквы. XVIII ст.

Дрэва (сасна), фарба. Разьба.


СВЯТАР Дамініканскага ордэна. XVIII ст.

Дрэва (сасна), фарба. Разьба.

Дамініканцы — каталіцкі жабрацкі манаскі ордэн, заснаваны іспанцам Дамінікам дэ Гусманам на пачатку XIII ст. у Тулузе. Ордэн хутка пашырыўся ў Францыі і іншых еўрапейскіх краінах, а напачатку XVI ст. зацвердзіўся на землях Вялікага княства Літоўскага.

Асноўныя кірункі дзейнасці дамініканцаў — місіянерская, прапаведніцкая, вывучэнне навук, адукацыя, змаганне з ерассю.

Убор дамініканцаў складаецца з белай тунікі з белым капюшонам, скуранога пояса, белых панчох і чаравікаў. Выходзячы на вуліцу, яны апранаюць зверху чорную накідку з капюшонам.


АРХАНГЕЛ МІХАІЛ. XVIII ст.

Дрэва (елка), фарба. Разьба.

Архангел Міхаіл — пераможны вораг Сатаны, пераможца зла. Паводле хрысціянскай рэлігіі, ён стаіць на чале Святога Воінства, якое складаецца з анёлаў і архангелаў, таму яму дадзена званне архістратыга, г.зн. старшага воіна, правадыра.

Лічыцца апекуном ваяроў, якія б'юцца за справядлівую справу, абаронцам душ памерлых; таксама да архангела Міхаіла звяртаюцца з малітвамі аб здароўі.

Выява архангела Міхаіла папулярная ў жывапісе і іканапісе, скульптуры.

Архангел Міхаіл паўстае ў вобразе юнака ў рыцарскім адзенні, які стаіць на спіне забітага цмока.


УКРЫЖАВАННЕ. XIX ст. (грэка-каталіцкая традыцыя).

Дрэва (дуб, ліпа), фарба. Разьба.


УКРЫЖАВАННЕ. XVIII-XIX стст. (рымска-каталіцкая традыцыя).

Дрэва (дуб, ліпа), фарба. Разьба.


УВАСКРЭСЕННЕ ІСУСА ХРЫСТА (фрагмент кампазіцыі). XVIII-XIX стст.

Дрэва (ліпа, хвоя), фарба. Разьба.

Паводле хрысціянскага веравучэння, уваскрэсенне — цудадзейнае вяртанне да жыцця ўкрыжаванага на крыжы і памерлага ў пакутах Ісуса Хрыста, правобраз будучага ўсеагульнага ўваскрэсення мёртвых.


Парная скульптура «АНЁЛЫ». XVIII ст.

Дрэва (ліпа, хвоя), фарба. Разьба.

У хрысціянстве анёлы — гэта бясцялесныя духоўныя істоты, створаныя Богам. Анёлы служаць Богу, апяваюць Яго веліч, выконваюць Яго волю. Калі Бог хоча дапамагчы людзям, ён пасылае да іх анёлаў.

У мастацтве часцей за ўсё выявы анёлаў паўстаюць у выглядзе крылатых немаўлят няпэўнага полу, аголенымі, але часам іх фігуры драпіруюць лёгкімі пакрываламі.


АПОСТАЛ ФАМА (?). XVIII ст.

Дрэва (ліпа), фарба. Разьба.

Фама, вядомы як Фама Няверуючы, — адзін з дванаццаці апосталаў.

Паводле Евангелля ад Іаана, Фама паверыў ва ўваскрэсенне Хрыста толькі пасля таго, як уклаў пальцы ў Яго раны.

Па царкоўным паданні, апостал Фама заснаваў хрысціянскія Цэрквы ў Палестыне, Месапатаміі, Эфіопіі, Індыі. За зварот да Хрыста сына і жонкі правіцеля аднаго з індыйскіх гарадоў святы апостал быў заключаны ў вязніцу, зведаў катаванні, а потым быў забіты дзідамі воінаў.