«В лето 6609. Преставися Всеславъ…» Памяці Усяслава Брачыславіча, князя Полацкага

У перакладзе на сучасную беларускую мову паведамленне пра смерць Усяслава ў «Аповесці мінулых гадоў» гучыць так: «У год 6609 (1101). Спачыў навекі Усяслаў, князь Полацкі, месяца красавіка, у чатырнаццаты дзень, у дзевяць гадзін дня, у сераду».

14 (21) красавіка 2021 г. спаўняецца 920 гадоў з дня смерці князя Усяслава Брачыслававіча, мабыць, самага ўнікальнага і загадкавага з полацкіх князёў, пра смерць якога старажытны летапісец паведамляе з такой дзіўнай дакладнасцю. Несумненна, гэта сведчыць пра тое, наколькі высока летапісец ацэньваў гэтую гістарычную асобу. Князь Усяслаў шмат ваяваў, значна пашырыў межы Полацкага княства. У гады яго княжання Полацкае княства дасягнула найбольшага ўплыву і магутнасці. Менавіта ў гады княжання Усяслава ў Полацку з'явіўся першы каменны храм на тэрыторыі Полацкага княства і на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Сафійскі сабор.

Жыццё і дзейнасць князя Усяслава знайшлі адлюстраванне ў летапісах і легендах. Самы вядомы твор, у якім згадваецца князь Усяслаў — «Слова пра паход Ігаравы». Для нас асабліва каштоўна, што гэты твор таксама змяшчае першы ўспамін пра Сафійскі сабор. Вось як гэта згадка гучыць у розных інтэрпрэтацыях.

Старажытнаруская

159. Всеславъ князь людемъ судяше, княземъ грады рядяше, а самъ въ ночь влъкомъ рыскаше: изъ Кыева дорискаше до куръ Тмутороканя, великому Хръсови влъкомъ путь прерыскаше.
160. Тому въ Полотскѣ позвониша заутренюю рано у святыя Софеи въ колоколы, а онъ въ Кыевѣ звонъ слыша.
161. Аще и вѣща душа въ друзѣ тѣлѣ, нъ часто бѣды страдаше.

Сучасная руская (М. Забалоцкі)

·  159. Тот Всеслав людей судом судил,
Города Всеслав князьям делил,
Сам всю ночь, как зверь, блуждал в тумане,
Вечер — в Киеве, до зорь — в Тмуторокани,
Словно волк, напав на верный путь,
Мог он Хорсу бег пересягнуть.

·  160. У Софии в Полоцке, бывало,
Позвонят к заутрене, а он
В Киеве, едва заря настала,
Колокольный слышит перезвон.

·  161. И хотя в его могучем теле
Обитала вещая душа,
Все ж страданья князя одолели
И погиб он, местию дыша.
Так свершил он путь свой небывалый.

Беларуская (Я. Купала)

·  159. Усяслаў-князь людзям суд судзіў,
Гарадамі князёў надзяляў
А сам поначы, свету на здзіў
Ваўкалакам ці воўкам гуляў

Ён бо з Кіева да петухоў
Горад Тмутаракань дасцігаў
I вялікаму Хорсу без слоў
Воўкам шлях борзда перабягаў.

·  160. Таму ў Полацку рана званы
Пазванілі ў Сафеі святой
Да завутрані,– ён жа праз сны
Ужо ў Кіеве звон чуе той.

·  161. Хоць і вешчая, кажуць, душа
ў дзёрзкім целе ягоным была,
Але часта бяды без нажа
Нацярпеўся, што доля дала.

Са старажытных часоў да нашых дзён асоба князя Усяслава і няпросты час, у які ён жыў, прыцягвалі літаратараў, мастакоў, музыкантаў.

Вельмі сімвалічна, што менавіта ў Сафійскім саборы 14 кастрычніка 1998 года ў рамках III Міжнароднага фестывалю «Званы Сафіі» адбылася прэм'ера Чацвёртай сімфоніі Алега Янчанкі «Слова пра паход Ігаравы». Гэты твор прагучаў на адкрыцці фестывалю ў выкананні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы, вакальнага ансамбля «Камерата» і салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. Дырыжор — Генадзь Праватораў, вядучы канцэрта — Святаслаў Бэлза.

Прапануем паслухаць рэпартаж пра гэтую падзею.

 

87