Камень з надпісам

Адкрывае экспазіцыю Музея камень-вапняк. Ён быў знойдзены ў 1977 годзе ў падмурку старажытнага паўднёвага партала Сафійскага сабора. Яго вага каля 600 кілаграмаў. Такія камяні выкарыстоўвалі для будаўніцтва і чаргавалі з радамі тонкай плінфы. На ніжняй правай частцы каменя былі знойдзены надпісы, зробленыя ў другой палове ХІ стагоддзя. Мужчынскія імёны: «ДАВЫД, ТУМА, МИКУЛА, КОПЕСЬ» напісаны ў доўгі радок і аддзелены адзін ад другога вялікімі кропкамі пасярэдзіне радка. Паралельна першаму надпісу над словамі «МИКУЛА, КОПЕСЬ» напісана імя «ПЕТР». Надпіс «ВОРИШКО» і «ВОРИШКО ПИСАЛ» зроблена ў два радкі.

Каму належаць гэтыя надпісы, дакладна невядома. Магчыма, гэта імёны будаўнікоў Сафійскага сабора. Так ці інакш, надпісы сведчаць пра жаданне людзей пакінуць памяць для нашчадкаў і пра ўзровень адукаванасці нашых продкаў.