«Васпаватая ад асколкаў і куль, на сьвет Сафійка глядзіць вачыма цнатлівымі…»

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Мова з’яўляецца адной з найвялікіх каштоўнасцяў кожнага народа. Кожная мова – гэта цэлы Сусвет, які ўвасабляе адметнасці і каштоўнасці таго ці іншага народа. Кожны з носьбітаў мовы з’ўляецца захавальнікам і сутворцам гэтага Сусвету. Важкі ўнёсак у гэтую справу робяць сваёй працай пісьменнікі.
Адмыслова да Міжнароднага дня роднай мовы прапануем вашай увазе верш народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Рыгор Барадулін шмат разоў наведваў Полацк з нагоды сустрэч з чытачамі, наведваў ён і Сафійскі сабор.
 
САФІЙКА
 
Ня скажуць у Полацку: – Сафійскі сабор.
Тут яго называюць ласкава:
                                                              – Сафійка...
Так партызаны
сваіх сувязных называлі.
Так гукаў я калісьці
дачку суседскую.

Храм сьвятое Сафіі –
                                              Сафійка...
Цягне ў неба рукі,
як дзьве тапалінкі сухія,
просіць, каб ня ўдарыў пярун
па заготзярноўскіх засеках.
 
Хлеб надзённы –
ячмень і жыта –
яна засланяе ад лютых ліўняў.
На абкутых дзьвярах
вуха прабою адцягвае
замок пудоваю завушніцай.
 
Васпаватая ад асколкаў і куль,
на сьвет Сафійка глядзіць
вачыма цнатлівымі.
Здалёку, з адзінаццатага стагоддзя,
вечарам сон да яе прыходзіць
I аж да раніцы сьніцца.
 
Пахам нязвыклым
вецер дыхне з Нафтаграда –
прачнецца Сафійка:
стаіць незнаёмец,
ад нафты бліскучы,
як грак на праталінцы.

Дзе яна,
доўга Сафійка не разумее,
здалёку ў раніцу гэту вяртаецца.
I толькі такі ж ружаваты,
як дзевяць стагоддзяў назад,
туман над Дзьвіной разамлелай...
 
Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў на канцэрце ў Сафійскім саборы. Фотаздымак з музейнага збору НПГКМЗ
805