Выстаўка «Полацкі гандаль X—XVIII стст. (з археалагічнага збору музея-запаведніка)»

У Музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабору пачынае працу новая выстаўка.

Старажытны Полацк стаяў на адгалінаванні знакамітага шляху «з варагаў у грэкі». Пазней горад стаў портам дзвінскага гандлю, тут размяшчалася факторыя Ганзейскага саюза. Як вядома з пісьмовых крыніц ХІІІ стагоддзя, арганізацыя гандлю ў Полацку грунтавалася на больш ранняй традыцыі. Палачане экспартавалі пушніну, воск, зерне, мёд, драўніну. Асартымент рэчаў, што паступалі ў Полацк з іншых краін, добра адлюстроўвае археалагічны матэрыял.

На выстаўцы прадстаўлены прыклады тавараў экспарту (пушніна, зерне, мёд і інш.), імпартныя тавары X—XIII стст.: сыравіна (металічныя зліткі, оўручскі шыфер, бурштын), керамічны і шкляны посуд, упрыгажэнні, самшытавыя грабяні і інш.; імпартныя тавары XІІІ—XVIII стст.: «рэйнскі каменны тавар» і іншая кераміка, галандскія люлькі, свінцовыя тэкстыльныя пломбы.

Толькі сёння, 20 мая, у рамках Ночы музеяў-2022, з 18.00 да 22.00 у Сафійскім саборы будуць экспанавацца прадметы нумізматыкі, якія характарызуюць грашовае абарачэнне Х—ХVIІІ стст. (Казьянкаўскі манетны скарб ІХ—Х стст., манетныя скарбы ХV—ХVІ стст., Дварчанскі скарб 1604—1631 гг., Верхнядзвінскі скарб 1587—1666 гг.).

643