«Чую звон твой, Сафія, чую Скрозь стагоддзі і скрозь муры…»

21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. У гэты дзень пішуцца дыктоўкі на роднай мове, прэзентуюцца друкаваныя выданні, ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі і выдаўцамі. А мы да гэтага дня прапануем вашай увазе верш, які прысвечаны Сафійскаму сабору.

Вольга Іпатава

Полацкай Сафіі

Чую звон твой, Сафія, чую
Скрозь стагоддзі і скрозь муры
У бяскрайнюю ноч глухую
І пад час світальнай зары!
Паімкне парой на палёгку,
Адарвуся ад роднай зямлі –
Ціха звон ударыць далёкі,
Сэрца водгукам забаліць.
Не ўзбунтуюся – а на што мне
Працінаць і ўзносіць душу?
Што забыта – усё успомню.
Нежывое – уваскрашу.
Хай баляць мне, баляць, Сафія,
Дзіды тыя ўсе і мячы,
Што прымалі ў грудзі тугія,
Не скараючыся, крывічі!
Чую звон твой, Сафія, чую!
Аднаго прашу – не маўчы,
Дай мне моцы ў поўнач глухую,
Сваёй мудрасці навучы…

276