
У лютым трэццякласнікі полацкіх школ на музейна-педагагічных занятках «гарталі старонкі гісторыі» Сафійскага сабора.
Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора — галаўны музей Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і самы наведваемы турыстамі. З-за экскурсійнай загружанасці на працягу года і ў актыўны турыстычны сезон правесці музейныя заняткі ў саборы не заўсёды магчыма, таму яны праходзяць у зімні перыяд.
Знаёміць школьнікаў малодшых класаў з экспазіцыяй музея гісторыі архітэктуры падчас экскурсіі даволі складана, дзецям такога ўзросту не заўсёды зразумелыя тэрміны і паняцці. Таму форма музейна-педагагічных заняткаў лічыцца найбольш удалай для фарміравання цэласнага ўяўлення трэццякласнікаў пра музей. Яны пачынаюць разумець тэрміны: «архітэктура», «архітэктурны стыль», «помнік архітэктуры».
У Сафійскім саборы дзеці знаёмяцца з гісторыяй яго пабудовы, аднаўлення з руінаў і падарожнічаюць па XI і XVIII стагоддзях на машыне часу, якой выступае сам музей, рухавіком з’яўляюцца экспанаты, а кіроўцам — навуковы супрацоўнік. Вандроўка па музеі — маленькае выпрабаванне, дзе трэба адказваць на пытанні, быць удумлівымі, не заблытацца, не заблукаць у лабірынце часу. Падчас заняткаў дзеці пачынаюць разумець, як трэба паводзіць сябе ў музейнай прасторы. Яны арыентуюцца ў часе стагоддзяў, даведваюцца, якім Сафійскі сабор быў у старажытнасці, як змяніўся падчас гістарычных падзей. Навуковы супрацоўнік тлумачыць архітэктурныя і гістарычныя тэрміны, у выніку дзеці разумеюць і запамінаюць іх.
Для супрацоўнікаў музея заўсёды важны зваротны кантакт, калі маленькія наведвальнікі дзеляцца ўражаннямі ад мерапрыемства. Напрыклад, у якім стагоддзі (XI-м альбо XVIII-м) ім найбольш спадабалася падчас вандроўкі на машыне часу па Сафійскім саборы. На занятках вучням папулярызуюцца прафесіі археолага і архітэктара. Складаючы пазлы выяў сабораў у практычнай частцы заняткаў, школьнікі малодшых класаў самі быццам становяцца маленькімі архітэктарамі.
Галоўныя задачы, якія ставяць навуковыя супрацоўнікі музея падчас правядзення такіх заняткаў: навучыць дзяцей цаніць гісторыю, захоўваць спадчыну, захапляцца яе прыгажосцю, любіць Радзіму.