
40 гадоў таму спецыяльна для канцэртнай залы Сафійскага сабора ў Полацку майстры найстарэйшай чэшскай фірмы «Riеger Kloss» спраектавалі і ўсталявалі арган, які, безумоўна, на сёння прызнаны музычнай грамадскасцю лепшым канцэртным інструментам у Беларусі. Яго з'яўленне ў старажытным Полацку, горадзе з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, стала сапраўды неверагоднай падзеяй для музычнай культуры Беларусі.
2 сакавіка 1985 года адбыўся першы сольны канцэрт на новым аргане. Перад публікай выступіў вядомы маскоўскі арганіст, народны артыст Расіі Алег Янчанка, які прымаў удзел ва ўстаноўцы і адкрыцці многіх арганаў, у тым ліку і полацкага.
Полацкі арган хоць і малады, але дастаткова знакаміты. Тут лічылі за гонар выступаць вядучыя арганісты Савецкага Саюза — Гары Гродберг, Яўгенія Лісіцына, Любоў Шышханава, Аляксей Шмітаў, Аляксандр Фісейскі, Людміла Голуб, а таксама выканаўцы з многіх краін свету.
Сёння культурнае жыццё Полацка нельга ўявіць без голасу «караля музычных інструментаў» і нязменнай арганісткі Сафійскага сабора Ксеніі Пагарэлай. Яна заслужыла прызнанне і любоў жыхароў не толькі нашага горада, але і далёка за яго межамі. Ксенія Максімаўна ― яркі прадстаўнік беларускай арганнай і фартэпіяннай школы. У 1988 годзе выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага прыехала ў старажытны Полацк і на доўгія гады звязала жыццё з канцэртнай залай Сафійскага сабора.
Ксенія Пагарэлая стала ініцыятарам і арганізатарам першага ў Беларусі Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі», які для многіх замежных выканаўцаў з'яўляецца візітнай карткай Беларусі. Сёлета пройдзе юбілейны XXX Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі», які будзе прысвечаны 40-годдзю полацкага аргана.
Для палачан Сафійскі сабор ― месца асаблівае. Пад гукі аргана выпускнікі школ уступаюць у новае жыццё, школьнікі знаёмяцца з музычным мастацтвам і «каралём інструментаў», а юныя музыканты ўпершыню выходзяць на вялікую сцэну. Традыцыйна па нядзелях праводзяцца арганныя канцэрты ў выкананні Ксеніі Пагарэлай. Арган заўсёды гучыць для сяброў і гасцей, падчас правядзення сямейных святаў і значных мерапрыемстваў самага рознага ўзроўню.
Полацкі арган ― не проста канцэртны інструмент. Без яго ўжо немагчыма ўявіць сабе сучасную гісторыю нашага горада. Ён назаўжды пакарыў музыкантаў і слухачоў сваім незвычайным голасам, прыгажосць і глыбіню якога падкрэслівае ўнікальная акустыка Сафійскага сабора.