Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора

Шмат стагоддзяў Сафійскі сабор з'яўляўся сімвалам незалежнасці, велічы, палітычнай, эканамічнай і культурнай значнасці Полацка сярод «гарадоў яму роўных». Нягледзячы на тое што шматлікія войны, выбухі і перабудовы не дазволілі захаваць першапачатковы выгляд храма, Сафійскі сабор у гісторыі Беларусі лічыцца той крыніцай, з якой пачалося айчыннае каменнае дойлідства.

Пабудаваны легендарным полацкім князем Усяславам Чарадзеем у сярэдзіне XI ст. Сафійскі сабор стаў месцам, дзе знаходзілася кафедра архіепіскапа, заключаліся палітычныя і гандлёвыя дамовы, захоўваўся княжацкі скарб, ствараліся полацкія летапісы і перапісваліся кнігі, зберагалася бібліятэка, а ў час вайны маглі схавацца ад ворагаў жыхары Полацка. Першая каменная пабудова на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Сафійскі сабор— паклала пачатак не толькі каменнаму будаўніцтву, але і своеасаблівай полацкай школе дойлідства, зрабіўшы моцны ўплыў на развіццё архітэктуры ў старажытнарускіх землях.

Да сённяшніх дзён захаваліся сведкі падзей часоў Полацкага княства: падмурак, алтарная апсіда, фрагменты старажытнай муроўкі і фрэскавага роспісу, сінтрон (каменная лава для святароў) і крыжовападобныя слупы, якія некалі падзялялі прастору храма на пяць нефаў. Усё гэта, а таксама прадметы, знойдзеныя пры архітэктурна-археалагічных даследаваннях, якія праводзіліся ў саборы ў 1969 — 1980 гг., можна ўбачыць у экспазіцыі музея, якая расказвае пра гісторыю архітэктуры старажытнага помніка.

Адной з самых цікавых знаходак з'яўляецца камень-вапняк з надрапанымі на ім у сярэдзіне XI ст. імёнамі: «Давыд, Тума, Микула, Копесь, Пётр, Воришко». Гэты помнік эпіграфікі быў знойдзены ў падмурку паўднёвай сцяны. Магчыма, свае аўтографы на ім пакінулі ўдзельнікі будаўніцтва храма ці назіральнікі.

У вітрынах дэманструюцца плінфа XI ст. з насечкамі, літарамі, лічбамі, рознымі знакамі і сімваламі, уключаючы трызубец Рурыкавічаў; фрагмент шаўковага пакрывала з вышыўкай залатымі ніткамі з жаночага пахавання XVI ст. Сярод экспанатаў ёсць прадметы, знойдзеныя пры раскопках Верхняга замка: залаты віты пярсцёнак XI ст., прывезены ў Полацк з далёкага скандынаўскага вострава Готланд, і віслая пячатка кіеўскага князя Усевалада Яраславіча (1078-1093).

Разам з Полацкам Сафійскі сабор перажыў шмат драматычных падзей, разбурэнняў, пажараў. На рубяжы XV —XVI стст. ён быў перабудаваны ў храм абарончага тыпу. 3 1596 г. праваслаўная Сафія перайшла да ўніятаў і заставалася ўніяцкай да 1839 г. На гэты перыяд прыпадае апошняя перабудова сабора, што адбылася ў 1728 —1750 гг. Разбураны ў 1710 г. выбухам парахавога склада сабор захаваў падмурак і сцены на вышыню 8 і 12 метраў, якія былі ўключаны ў склад новага будынка, узведзенага Янам Крыштафам Глаўбіцам.

Аўтарам праекта рэстаўрацыі Сафійскага сабора, распачатай у 1969 г., стаў беларускі архітэктар Валерый Рыгоравіч Слюнчанка (1945 — 1992). У рабоце па вяртанні помніка да паўнацэннага жыцця прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі (П.А. Рапапорт, Вал.А. Булкін), чэшскія майстры арганабудаўніцтва. Экспазіцыя пачала працаваць у 1987 г.

Дзякуючы ўнікальнай акустыцы ў 1983 г. у Сафійскім саборы была адкрыта зала камернай музыкі. Першай музычнай падзеяй у адрэстаўраванай Сафіі стала выкананне ансамб­лем «Кантабіле» твораў з так званага Полацкага сшытка (XVI ст.). У 1985 г. у зале сабора загучала велічная арганная музыка. Спецыяльна для полацкага храма вядомай чэшскай фірмай «Rieger Kloss» быў спраектаваны і ўсталяваны арган. Ён мае 3905 труб рознай велічыні,

48 рэгістраў, сістэму нажных педаляў і тры ручныя клавіятуры. Першым выканаўцам быў выдатны арганіст і кампазітар Алег Янчанка (1939 — 2002).

У канцэртнай зале Сафійскага сабора штогод праходзіць каля 300 канцэртаў. З 1988 г. ў красавіку праводзіцца Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі, а з 1996 г. ў лістападзе – Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». Знамянальна, што менавіта ў Полацку на адкрыцці III арганнага фестывалю 1998 г. прагучала прэм'ера сімфоніі № 4 А. Янчанкі «Слово о полку Игореве» ў выкананні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра, Беларускай дзяржаўнай харавой капэлы імя Р. Шырмы і вакальнага ансамбля «Камерата».

У зале старажытнага храма гучалі галасы Ірыны Архіпавай, Уладзіслава П'яўко, Аляксандра Вядзернікава, Марыі Біешу, Барыса Штокалава, Вергіліўса Нарэйкі, сясцёр Лісіцыян, Святланы Данілюк, Наталлі Гайды, выконваліся музычныя творы аркестрамі і хорамі пад кіраўніцтвам Генадзя Раждзественскага, Валерыя Палянскага, Святланы Бязроднай, Уладзіміра Співакова, Уладзіміра Мініна, Саўлюса Сандзетскіса, саліравалі вядомыя музыканты Маргарыта Фёдарава, Ігар Алоўнікаў, Наталля Сярогіна, Уладзімір Траццякоў, выступалі арганісты з Ватыкана, Германіі, Францыі, Аўстрыі, Швейцарыі, Кітая, Лівіі, Украіны, Расіі і іншых краін.

Канцэртная зала з яе ўнікальнай акустыкай натуральна спалучаецца ў помніку з музейнай экспазіцыяй, дзе галоўнымі дзеючымі асобамі сталі музеефікаваныя рэшткі сабора сярэдзіны XI ст. Зноў, як шмат гадоў таму, святло, колер, музыка, скульптура і архітэктура арганічна зліліся і ўтварылі дзіўны па сіле эмацыянальнага ўздзеяння мастацкі вобраз. Новая функцыя сабора не толькі не сказіла яго першапачатковае аблічча, але і выявіла ў ім галоўнае, тое, што не падуладна часу, — высокае майстэрства яго творцаў.