Полацкі Сафійскі сабор з’яўляецца самым старажытным помнікам мураванага дойлідства Беларусі. Да нашых дзён ён захаваўся ў значна змененым выглядзе. Рэшткі старажытнага храма пахаваны пад пазнейшым збудаваннем. Большая частка нашых ведаў пра Сафійскі сабор грунтуецца на дадзеных археалагічных даследаванняў. Пры гэтым вялікае значэнне мае праца археолагаў, архітэктараў і мастацтвазнаўцаў.
Вялікі ўнёсак у археалагічнае даследаванне сабора зрабіў, безумоўна, Валянцін Аляксандравіч Булкін, кіраўнік Архітэктурна-археалагічнай экспедыцыі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая даследавала сабор у 1975—1980 гг. Сярод сваіх папярэднікаў В. А. Булкін адзначаў дзейнасць дарэвалюцыйнага даследчыка, архітэктара і рэстаўратара Пятра Пятровіча Пакрышкіна, назіранні і раскопкі якога прыходзяцца на 1900—1913 гг. Таксама В. А. Булкін асабліва вылучаў у вывучэнні сабора дзейнасць вядомага даследчыка старажытнарускай архітэктуры Івана Макаравіча Хозерава. Аднак згадкі вартыя і іншыя даследчыкі, якія пакінулі свой след у вывучэнні храма.