Іван Суханаў (1881—1942)

 
15 лютага 2021 г. спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Івана Пятровіча Суханава (1881—1942), які ажыццяўляў назіранне і неабходную фіксацыю ў перыяд рамонтна-рэстаўрацыйных работ у Сафійскім саборы напярэдадні Першай сусветнай вайны.

Рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў Сафійскім саборы пад кіраўніцтвам архітэктара, рэстаўратара, археолага П. П. Пакрышкіна праводзіліся, уключна з падрыхтоўчым этапам, у 1909—1914 гг. пад кантролем Імператарскай Археалагічнай камісіі. Менавіта П. П. Пакрышкін рыхтаваў заключэнне, на аснове якога і была складзена праграма даследавання храма, якая ажыццяўлялася падчас рамонту. Згодна з праграмай, найбольшая ўвага надавалася вывучэнню старажытных частак сабора. Такім чынам, разам са звычайным для таго часу, выпраўленнем «драхласцяў», вырашаліся задачы і даследчага характару. Гэта дазваляла атрымаць важныя ў навуковых адносінах вынікі.

П. П. Пакрышкін звяртаў увагу на неабходнасць прафесійнага назірання за дадзенымі работамі. У лісце да старшыні будаўнічага камітэта П. П. Пакрышкін пісаў: «З прычыны значнасці гэтага помніка рускай архітэктуры вялікакняскай эпохі, неабходна мець на месцы, для назірання за работамі, абазнанага чалавека, бо цалкам неабходна весці дакладныя вымярэнні, чарцяжы не толькі рэшткаў сцен і падмуркаў, але і разрэзаў зямлі і пахаванняў. Без вопытнага вока многае для навукі будзе страчана».

Згодна з рэкамендацыяй П. П. Пакрышкіна, для назірання за працамі ў саборы на ліпень-жнівень 1913 г., калі работы вяліся асабліва актыўна, Археалагічная камісія накіроўвае інжынера-архітэктара І. П. Суханава. Іван Пятровіч паспяхова справіўся з адказнай задачай, якая стаяла перад ім, прадэманстраваўшы высокія прафесійныя якасці.

У кароткім жыццяпісе Івана Пятровіча, які быў складзены і падпісаны ім самім не раней 1940 г., у пераліку яго «галоўных архітэктурных работ» пазначана «Рэстаўрацыя Полацкага Сафійскага сабора» (пад № 1). (СТАРОНКА 1 жыццяпісу)

 
І. П. Суханаў нарадзіўся ў 1881 г. у сяле Новадзявочае Сенгілееўскага павета Сімбірскай губерні. Бацька яго, Пётр Аляксандравіч, быў прадстаўніком руска-бельгійскай фірмы. Пасля заканчэння рэальнага вучылішча ў Самары Іван Пятровіч паступіў у Рыжскі політэхнічны інстытут. У 1910 г. скончыў інстытут са званнем інжынера-архітэктара і паступіў на архітэктурнае аддзяленне Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, курс навучання ў якой завяршыў у 1914 г. Вучань вядомага архітэктара і педагога Л. М. Бенуа. З 1916 г. працаваў у якасці архітэктара і выкладчыка ў Сімбірскай губерні, прымаў удзел у мастацкіх выставах.

У 1929 г. пераехаў у Маскву. Сям’я Суханавых пасялілася ў падмаскоўным пасёлку Малахаўка. Іван Пятровіч займаўся праектнай і выкладчыцкай працай, пісаў пейзажы ваколіц Малахаўкі. Арыштаваны ў снежні 1934 г., быў абвінавачаны ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і асуджаны на пяць гадоў папраўча-працоўных лагераў. У перыяд знаходжання ў Дзмітлагу працаваў у праектным аддзеле будаўніцтва канала Масква-Волга. Вызвалены датэрмінова ў 1938 г., вярнуцца да сям'і не мог, бо быў «пазбаўлены правоў». Выконваў работы ў г. Зарайск для Акадэміі архітэктуры. У жніўні 1940 г. пасяліўся ва Уладзіміры, працаваў над праектам рэстаўрацыі Дзмітрыеўскага сабора. У 1942 г. арыштаваны паўторна «па падазрэнні ў шпіёнскіх сувязях», асуджаны на 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Памёр у турме г. Барнаула. Рэабілітаваны у 1958 г.

Больш падрабязна з гісторыяй даследаванняў Сафійскага сабора можна пазнаёміцца ТУТ