"...шурпатая МОВА муроў і скляпенняў аповед..."

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Немагчыма ўявіць народ без мовы, а мову без яе носьбітаў. Мова — гэта душа народа. Духоўнасць беларускага народа неразрыўна звязана з Сафійскім саборам. Адмыслова да Міжнароднага дня роднай мовы хочацца прыгадаць верш Навума Гальпяровіча “Сабор”. Аўтар прысвяціў яго выдатнаму архітэктару-рэстаўратару Валерыю Слюнчанку. Менавіта ён з’яўляецца аўтарам праекта рэстаўрацыі Сафійскага сабора.

САБОР
Памяці Валерыя Слюнчанкі
 Архітэктара-рэстаўратара
На золку раступіцца ноч і ўварвецца сабор
У раніцу, поўную птушак і пахаў салодкіх.
Абудзяцца дрэвы, і сонныя гмахі, і лодкі,
Як быццам сабор той паклікаў усіх за сабой.
 
Памкнецца праменьчык
                     праз хмурую тоўшчу гардзін.
Ды доўжыцца сон.
                    І не хоча ніхто прачынацца.
Хоць трэба ўставаць
                    і на новыя справы збірацца,
Адлік пачынаць сваіх думных
                    стваральных гадзін.
 
Бо сонца на вежах свае запаліла сцягі,
І промні спадаюць да долу са столі высокай.
Хай поўняцца думкі
                     ўзнёслым, святым, дарагім
І сцены павеюць суровым паданнем далёкім.
 
Прачніцеся, людзі! Паслухайце гэтую ціш,
Шурпатую мову муроў і скляпенняў аповед.
Сабор! Ты з дакорам і гневам маўчыш,
Нібыта стагоддзяў сваіх абрываючы повязь.
 
Навошта ж тады гэта ўсё, калі згінеш і ты,
Як памяць, як сэрца, як светлая цёплая мроя.
Насунецца хмара, насунецца ноч нематы,
І сонца надзеі загіне за чорнай гарою.
 
Найменне тваё ад вечнага слова “збіраць”,
Каб душы яднаць,
                       абуджаць чысціню і сумленне.
Ты шмат заплаціў, і адгэтуль ішлі ваяваць
За праўду і волю. За гордыя духу памкненні.
 
За праўду і волю. Таму і патрэбен ты нам.
Бо ты і сумленне для нас, і трывога, і сорам.
Сінеецца неба. Імчыцца удалеч Дзвіна.
І блізіцца бераг высокі з маўклівым саборам.
210