Гісторыя Музея

Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора — галаўны музей Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Экспазіцыя пачала працаваць у 1987 г. Адкрыццю музея папярэднічалі рэстаўрацыя Сафійскага сабора і архітэктурна-археалагічныя даследаванні, распачатыя ў 1969 г. Рэстаўрацыю сабора праводзілі Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні Міністэрства культуры БССР. Аўтар праекта рэстаўрацыі — беларускі архітэктар Валерый Слюнчанка (1945—1992). У рабоце прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі (Павел Рапапорт, Валянцін Булкін), чэшскія майстры арганабудаўніцтва.

Архітэктурна-археалагічныя даследаванні праводзіла экспедыцыя Ленінградскага (сёння Санкт-Пецярбургскага) дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства Валянціна Булкіна (1937—2016).

У экспазіцыі музея можна ўбачыць падмурак, алтарную апсіду, фрагменты старажытнай муроўкі сярэдзіны ХІ ст., фрагменты фрэскавага роспісу канца ХІ ст. Экспанаты музея распавядаюць пра гісторыю архітэктуры самай старажытнай каменнай пабудовы на тэрыторыі Беларусі, пра шматлікія перабудовы і апошнюю рэстаўрацыю помніка.

Акрамя асноўнай экспазіцыі, у музеі прадстаўлена «Выстава культавай драўлянай скульптуры XVIII—XIX стст. », а таксама праходзяць зменныя выставы з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

У 1983 г. у Сафійскім саборы была адкрыта канцэртная зала камернай музыкі, а ў 1985 г. быў усталяваны арган чэшскай фірмай «Rieger Kloss».

Плошча экспазіцыі: 950 кв.м.

Экспануецца 120 унікальных музейных прадметаў.

Навуковая канцэпцыя: Джумантаева Т. А., Арлова Т. А., Песіна І. Я.

Мастацкае рашэнне: Канавалаў А. В.

Сабор унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.