Плінфа

Плінфа (ад грэчаскага plinthos – цагліна) – гэта будаўнічы матэрыял ХІ – ХІІ стагоддзяў. На беларускія землі традыцыя будаўніцтва з плінфы прыйшла з Візантыі. Упершыню яна была выкарыстана пры будаўніцтве Сафійскага сабора. Плінфа – гэта тонкая плоская цэгла, якую выраблялі з добравымешанай чырвонай гліны. Для вырабу плінфы выкарыстоўвалі мясцовую сыравіну, фармавалі ў раз’ёмных формах. Абсушвалі плінфу на адкрытым паветры, а затым абпальвалі ў спецыяльных печах. Паверхня цэглы часам захоўвае адбіткі травы, дажджу, чалавечых пальцаў, лапаў розных жывёл, птушак ды інш. Гэтыя звесткі дазваляюць меркаваць пра ўмовы яе прасушвання да абпалу. Па колеры плінфы можна меркаваць пра якасць абпалу і трываласць. Сярэдні памер плінфы ХІ – ХІІ стагоддзяў, знойдзенай на Верхнім замку, – 31,5х18,5х3,4 см. Калі цэгла зроблена ў адной форме, яе памеры вагаюцца ў межах 2 сантыметраў. Гэта выклікана ўсадкай гліны з розных пластоў кар’ера. Ніжняя частка полацкай плінфы была шурпатай – гэта адбітак падкладной дошкі, якая ляжала на фармовачным стале. На шурпаты бок клалі рошчыну, значыць, цэгла клалася роўнай паверхняй уніз. Гэтым, пэўна, дасягалася лепшае счапленне цаглін. Часам на плінфе сустракаюцца розныя знакі, клеймы і меткі. Выпуклыя знакі на тарцах часцей за ўсё нагадваюць элементы арнаменту або літары. Каб адзначыць сваю прадукцыю, майстры выразалі знакі ў выглядзе літар, стрэлак, трохзубцаў у бакавых сценках і на дне драўляных формаў, у якіх выраблялі плінфу. Клеймы – выявы, уціснутыя ў гліняную масу пры дапамозе штампа невялікіх памераў. Меткі, праведзеныя пальцам ці вострым інструментам на шырокіх баках плінфы, даволі простыя па малюнку: палосы, літарападобныя выявы. У працэсе вырабу цаглін і ў будаўніцтве малюнкі не гралі ніякай ролі. Гэта вынікі самастойнай творчасці «плінфастваральнікаў».