Пліткі падлогі

Падлога – адзін з важнейшых элементаў кожнага будынка. З пачаткам каменнага будаўніцтва на змену драўляным і глінабітным падлогам прыходзяць разнастайныя керамічныя пліткі. Першапачаткова яны выкарыстоўваліся ў храмах і княжацкіх палацах. На тэрыторыі сучаснай Беларусі пліткі падлогі вядомы з ХІ стагоддзя, калі ў Полацку быў збудаваны Сафійскі сабор.Пліткі падлогі выраблялі з якаснай пластычнай вогнетрывалай гліны ў драўляных формах. Выраб праходзіў у два этапы: першы – фармоўка, сушка і абпал; другі – паліва і роспіс. Каб нанесці на вонкавую паверхню плітак паліву якога-небудзь аднаго колеру, іх пры абпале моцна разагравалі. Вонкавы бок керамічнай пліткі пакрывалі рэдкай, амаль вадкай палівайУ большасці выпадкаў пры насціле падлог у каменных будынках пліткі ўтаплялі ў пласт густой вапнавай рошчыны, пакладзены на шчыльны роўны грунт асновы. Бакі многіх вырабаў скошаныя – гэта дапамагала ім лепей трымацца на вапнавай рошчыне. Памер і форма плітак падлогі маглі быць самымі рознымі. Падчас раскопак, якія праходзілі ў Сафійскім саборы пад кіраўніцтвам Валянціна Булкіна ў 1979 годзе, археолагі знайшлі рэшткі старажытнай керамічнай падлогі на цамянкавай падрыхтоўцы. Знойдзеныя кавалкі паліваных плітак былі жоўтага, зялёнага і карычневага колераў. Сярэдні памер плітак – 10,0х10,0х2,4 см.