Фрагменты тынкоўкі з фрэскавым роспісам

Фрэска – гэта жывапіс прыроднымі фарбамі па вільготнай тынкоўцы. Інтэр'ер Сафійскага сабора быў распісаны фрэскамі ў канцы ХІ – пачатку ХІІ стагоддзяў. У асноўным гэта быў жывапіс на біблейскія тэмы. Фарбы ўжываліся раслінныя і мінеральныя, вельмі ўстойлівыя, таму за дзевяць стагоддзяў яны амаль не выцвілі. Да нашых дзён захавалася 58 фрэскавых фрагментаў альбо арнаментальнага характару, альбо ў выглядзе каляровых плям. Фрэскі полацкай Сафіі – самыя старажытныя на беларускай зямлі. Фрагменты фрэсак, знойдзеныя пры археалагічных даследаваннях Сафійскага сабора, даюць уяўленне пра багатую і разнастайную палітру роспісаў, з мяккімі пераходамі ад яркіх і чыстых да цёмных і прыглушаных тонаў. Выкарыстаны карычнева-чырвоныя, блакітна-сінія, жоўта-зялёныя фарбы.