Сафійскі сабор на фотаздымках другой паловы 1940-х гг. Знешні выгляд

У нашых публікацыях ужо прыводзіліся дадзеныя пра пашкоджанні Сафійскага сабора і ацэнкі шкоды, якая была нанесена Сафійскаму сабору ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Знешнія пашкоджанні сабора, а таксама пашкоджанні інтэр'ера,  былі зафіксаваныя ў адпаведных дакументах. Дакументы 1944 і 1945 гг. прапаноўваліся вашай увазе раней.

Акрамя дакументальнай фіксацыі, па замове аддзела аховы помнікаў архітэктуры Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ БССР праводзілася фотафіксацыя стану помнікаў архітэктуры.
Фотаздымкі, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі, дазваляюць пазнаёміцца з пашкоджаннямі, якія атрымаў Сафійскі сабор.

Фатаграфія 1.
Від на сабор з паўднёвага ўсходу. Дазваляе ўбачыць адно з найбольш сур'ёзных пашкоджанняў сабора — пашкоджанне верхняга яруса ўсходняй вежы. Паўднёва-ўсходняя вежа сабора была адрамантаваная да канца 1950 г.

Фатаграфія 2.
Від на сабор з поўдня. Праглядаецца з іншага ракурсу пашкоджаная паўднёва-ўсходняя вежа. Можна адзначыць наяўнасць цэлага шэрагу кулявых і асколачных пашкоджанняў цэнтральнага фасада. У дрэнным стане знаходзіліся шчыпец, парапеты, карнізы, вазы і іншыя дэкаратыўныя элементы. Аконныя рамы адсутнічалі або былі пашкоджаныя, частка ваконных рам знаходзілася ў дрэнным стане.