110 гадоў полацкай гарадской газеце «Копейка»

У жніўні 2023 года спаўняецца 110 гадоў выдання гарадской газеты «Копейка».

Полацкая гарадская газета (цяпер гэта «Полацкі веснік») у 2017 годзе адзначала стогадовы юбілей. Сваю гісторыю гэта выданне адлічвае з моманту выхаду ў красавіку 1917 года органа Полацкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў – газеты «Революционный голос».

Аднак спробы стварэння гарадской газеты рабіліся і ў першай палове 1910-х гг.

Вядома, што ў лістападзе 1913 года пачала выходзіць штодзённая газета «Полоцкий листок». Рэдактарам-выдаўцом газеты быў І. М.-Л. Райхер, які стала пражываў у Дзвінску. Друкавалася газета ў Дзвінску, у друкарні «Двинского листка». Першы нумар выйшаў 7 лістапада 1913 года. Калі і па якіх прычынах быў спынены выхад газеты  – невядома. Да нашага часу захавалася 10 нумароў газеты, выдадзеных з 7 па 17 лістапада 1913 года.

«Полоцкий листок» складаўся з Полацкага і Дзвінскага аддзелаў. Полацкі аддзел быў прадстаўлены аб'явамі, хронікай мясцовага жыцця ў рубрыцы «Полоцкая жизнь», тэатральнымі рэцэнзіямі, фельетонамі. Вытрымкі з рубрыкі «Полоцкая жизнь» былі падрыхтаваныя для публікацыі ў кнізе  «Памяць» вядомым даследчыкам М. В. Нікалаевым.

Але ўсё ж першай гарадской газетай было іншае выданне – «Полоцкая Газета-Копейка».

Першая газета «Копейка» пачала друкавацца ў Санкт-Пецярбурзе ў 1908 годзе, потым падобныя выданні выходзілі ў розных рэгіёнах Расійскай імперыі. У 1912 – 1914 гг. выдавалася «Витебская Газета-Копейка». «Полоцкая Газета-Копейка» выходзіла ў жніўні – верасні 1913 г. Захаваліся два нумары гэтага выдання. Цалкам захаваўся асобнік газеты за 15 жніўня 1913 года (№ 10) і дзве старонкі № 26, які выйшаў 4 ці 5 верасня 1913 года.

Верагодна, ужо да сярэдзіны верасня газета спыніла сваё існаванне. Але можна адзначыць, што выйшла не менш за 26 нумароў «Полоцкой Газеты-Копейки».

Газета мела наступную назву – «Полоцкая Газета-Копейка». Падзагаловак – штодзённая прагрэсіўная газета. Друкавалася ў Віцебску, у друкарні «Момент» «Витебской Газеты-Копейки», на рагу вуліц Шашэйнай і Верхне-Пятроўскай (дом доктара Эйгеса), на 4 старонках. Цана за нумар складала 1 капейку. Рэдакцыя і кантора газеты размяшчаліся на Аляксандраўскай вуліцы ў Полацку. Рэдактар Ш. Е. Марголін, выдавец М. І. Аронаў.

Прыкладна палову газетнай плошчы займалі аб'явы, што было характэрна для падобных выданняў, бо размяшчэнне рэкламнай інфармацыі складала значную частку іх даходу.  Прапаноўваліся розныя тавары і паслугі, публікаваліся аб'явы аб прыёме ў навучальныя ўстановы, пошуку працы, здачы кватэр, рэкламаваліся розныя гандлёвыя ўстановы.

Каля чвэрці газетнай плошчы ў нумарах, якія захаваліся, займала рубрыка Полоцкая жизнь. У ёй былі прадстаўленыя актуальныя навіны з розных сфер жыцця горада. У гэтай рубрыцы закраналіся тэмы дзейнасці ўстаноў адукацыі і санітарнага стану горада, дабрачыннасці, крымінальных здарэнняў, умоў працы гандлёвых служачых і інш. Звярталася выданне і да гісторыка-культурнай тэматыкі. У прыватнасці, асвятляла дзейнасць будаўнічага камітэта па рамонце Сафійскага сабора, паведамляла аб ходзе рэстаўрацыйных работ у саборы.

Такім чынам, спаўняецца 110 гадоў выдання першай полацкай гарадской газеты «Полоцкая Газета-Копейка», якая выходзіла ў жніўні – верасні 1913 года. Апублікаваныя ў газеце матэрыялы дазваляюць дапоўніць карціну жыцця горада на аснове аб'яў, хронікі гарадскога жыцця, публікацый гісторыка-культурнай тэматыкі.

Прапануем пазнаёміцца з матэрыяламі рубрыкі Полоцкая жизнь «Полоцкой Газеты-Копейки» (№ 26, выйшаў 4 ці 5 верасня 1913 г.).