55 гадоў таму, у 1969 г., была пачата рэстаўрацыя помніка архітэктуры XI - XVIII стст. Сафійскага сабора ў Полацку.
Рэстаўрацыйныя работы праводзіліся спецыяльнымі навукова- рэстаўрацыйнымі вытворчымі майстэрнямі Міністэрства культуры БССР (з 1985 г. - Беларускае спецыялізаванае навукова-рэстаўрацыйнае вытворчае аб'яднанне «Белрэстаўрацыя»).
Пачатку рэстаўрацыйных работ папярэднічаў перыяд навуковага вывучэння сабора спецыялістамі рэстаўрацыйных майстэрняў.
Кіраўніцтва рэстаўрацыяй сабора ажыццяўлялася спецыялістамі рэстаўрацыйных майстэрняў. Загадам па рэстаўрацыйных майстэрнях ад 3 красавіка 1969 г. аўтарам праекта рэстаўрацыі і кансервацыі Сафійскага сабора быў прызначаны І. М. Карпека. У ліпені 1969 г. быў створаны прарабскі ўчастак майстэрняў у Полацку ў колькасці 13 чалавек. У лістападзе 1969 г. аўтарам праекта быў прызначаны В. Я. Сахно. Праз тры гады, у лістападзе 1972 г., аўтарам праекта рэстаўрацыі сабора прызначаецца В. Р. Слюнчанка, пад кіраўніцтвам якога і вяліся далейшыя працы.
В. Р. Слюнчанка вылучаў два этапы рэстаўрацыйных работ у саборы. На першым этапе рэстаўраваліся фасады, скляпенні, муроўка, тынкоўка, абнаўляліся страчаныя канструкцыі і іх фрагменты. Такая праца ішла з перапынкамі з 1969 па 1976 гг. На другім этапе, з 1976 года, праводзіліся складаныя і працаёмкія работы па рэстаўрацыі фрагментаў лепкі, пазалоты, афарбоўкі, якія былі страчаны з цягам часу.
Складанасць рэстаўрацыйных работ у саборы была абумоўлена неабходнасцю паказаць два помнікі - XI і XVIII стст. Перад рэстаўратарамі стаяла задача надаць храму аблічча, які ён меў на XVIII ст., у той жа час захаваўшы і паказаўшы фрагменты XI ст. Раскопкі на тэрыторыі храма дазволілі адкрыць фрагменты старажытнай муроўкі. Пад падлогай сабора XVIII ст. была створана спецыяльная аглядная пляцоўка, з якой бачныя захаваныя часткі сабора XI ст.: фрагменты сцен, падмуркаў, рэшткі апорных слупоў.
У перыяд рэстаўрацыйных работ яшчэ адной праблемай, якая патрабавала рашэння, была задача падвойнага выкарыстання будынка. Рэстаўратары павінны былі ўлічваць, што сабор будзе выкарыстоўвацца і як музей і як канцэртная зала камернай і арганнай музыкі.
Рэстаўрацыйныя майстэрні таксама сутыкаліся з шэрагам праблем на этапе выканання работ: недахоп работнікаў пэўных спецыяльнасцяў, недастатковая кваліфікацыя шэрагу работнікаў, парушэнні працоўнай дысцыпліны. Былі пытанні да якасці правядзення работ. Сістэматычна не асвойваліся сродкі, выдзеленыя на рэстаўрацыю. Тэрміны ўводу аб'ектаў, у тым ліку Сафійскага сабора, неаднаразова карэктаваліся. Праблемы рэстаўрацыі не раз разглядаліся на калегіях Міністэрства культуры БССР.
На пачатак 1983 года ў рэстаўрацыі Сафійскага сабора прымалі ўдзел брыгада мастакоў-рэстаўратараў пад кіраўніцтвам У. А. Лукашэвіча, у якую ўваходзіў А. М. Ліпскі, брыгада пазалотчыкаў, якую ўзначальваў М. К. Лёля, брыгада агульнабудаўнічых работ (брыгадзір В. Д. Сакалоў). Узначальвалі Полацкі ўчастак майстэрняў прараб Л. Ф. Жукаў і майстар П. М. Мушынскі.
Беларускім рэстаўратарам дапамагалі літоўскія спецыялісты, у прыватнасці, брыгада К. В. Стэпшыса, якая займалася ляпнымі работамі.
Фінансаванне рэстаўрацыйных работ ажыццяўлялася з дзяржаўнага бюджэту, а таксама са сродкаў таварыства аховы помнікаў. Дакладную суму вызначыць, з прычыны недахопу архіўных дакументаў, у дадзены момант не ўяўляецца магчымым. У даведцы аб выдаткоўванні сродкаў на рэстаўрацыйныя работы ў перыяд 1969 - 1977 гг. адзначаецца, што на рэстаўрацыю Сафійскага сабора на працягу гэтага перыяду было выдаткавана 278.700 руб.