Экспазіцыя Музея

Полацкі Сафійскі сабор — першая старонка амаль 1000-гадовага архітэктурнага летапісу старажытнейшага горада Беларусі. Войны і пажары неаднаразова змянялі выгляд храма. Пасля выбуху 1710 г. ён быў перабудаваны амаль цалкам.

З гісторыяй першай каменнай пабудовы на беларускіх землях знаёміць экспазіцыя Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.

Адкрывае экспазіцыю вапняковы камень з надпісам «Давыд, Тума, Микула, Копесь, Пётр, Воришко»; ён быў знойдзены ў падмурку паўднёвай сцяны Сафійскага сабора. Гэты камень з’яўляецца помнікам пісьменства ХІ ст.

Першапачатковы выгляд Сафійскага сабора нам вядомы дзякуючы архітэктурна-археалагічным даследаванням, якія праводзіла экспедыцыя Ленінградскага (сёння Санкт-Пецярбурскага) Дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства Валянціна Булкіна (1937—2016). У экспазіцыі прадстаўлены макет Сафійскага сабора ХІ ст. Рэканструкцыя — Георгія Штыхава, аўтар макета — Руслан Хлебародаў. За макетам можна ўбачыць фрагмент сцяны ХІ ст.

У ніжняй зале прадстаўлена плінфа — будаўнічы матэрыял ХІ ст.

Падмурак ХІ ст. захаваўся амаль цалкам. Яго можна ўбачыць з агляднай пляцоўкі ў ніжняй зале музея.

У вітрынах прадстаўлены прадметы, якія былі знойдзены падчас археалагічных работ на Верхнім замку ў 1978 г.

Залаты мужчынскі пярсцёнак. XI ст.

Віслая пячатка XI ст., якая належала кіеўскаму князю Усеваладу Яраславічу (1030—1093), з выявай святога Андрэя і надпісам «Господи, помоги рабу своему Андрею Свалду».

Фрагмент пакрывала з жаночага пахавання XVI ст. На шаўковай тканіне захаваўся надпіс — радок з малітвы, вышыты залатой ніткай.

У паўночным алтары XVIII ст. прадстаўлена частка пастаянна дзеючай выставы культавай драўлянай скульптуры XVIII—XIX стст.

Апошняя перабудова сабора, у стылі віленскага барока, праводзілася пад кіраўніцтвам Яна Крыштафа Глаўбіца ў сярэдзіне XVIII ст. Усе ацалелыя фрагменты старажытнага храма былі гарманічна ўключаны ў структуру новага.

Ва ўсходняй частцы сабора можна ўбачыць алтар XI ст. Ён захаваўся амаль цалкам.

Ва ўсходнім алтары захаваліся найбольшыя фрагменты фрэскавых роспісаў канца XI ст. Гэта найстаражытнейшыя фрэскі на беларускіх землях.

Павярнуўшыся да паўночнага алтара, можна ўбачыць, як багата быў упрыгожаны інтэр'ер храма ў XVIII ст. Алтарная частка аддзелена ад цэнтральнага нефа высокай 3-яруснай перагародкай, якая завяршаецца на скляпенні гарэльефнай кампазіцыяй «Святая Троіца Новазапаветная».

Над царскай брамай галоўнага алтара — копія знакамітай «Тайнай вячэры» Леанарда да Вінчы. Напісана яна ў XVIII ст. невядомым аўтарам. Другі ярус упрыгожвае кампазіцыя «Спас Нерукатворны», створаная ў XIX ст. У паўночна-заходнім малым алтары захаваўся фрагмент кампазіцыі «Укрыжаванне з прадстаячымі», якая датуецца пачаткам XX ст.

Звяртае на сябе ўвагу і самы вялікі клавішна-духавы інструмент — арган.

У канцэртнай зале Сафійскага сабора два разы на год праходзяць Міжнародныя фэстывалі:

Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі

Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».